Новаўвядзенні Працоўнага кодэкса
29 чэрвеня 2023 г. Кіраўніком дзяржавы падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін”, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Працоўны кодэкс.
Закон уступіць у сілу 1 студзеня 2024 г.

У Працоўны кодэкс унесены змяненні, накіраваныя на ўзмацненне сацыяльна-працоўных гарантый работнікаў, пашырэнне магчымасцей выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у рэгуляванні працоўных адносін, карэкціроўку норм па пытаннях рабочага часу, прадастаўлення працоўных і сацыяльных водпускаў, уключаючы водпускі ў сувязі з навучаннем і рэгуляванне іншых пытанняў з улікам правапрымяняльнай практыкі.
Асноўныя навацыі Закона:
Дыспансерызацыя
Працоўны кодэкс дапоўнены нормамі, якія будуць устанаўліваць гарантыі для работнікаў пры праходжанні імі дыспансерызацыі ў арганізацыях аховы здароўя. У такіх выпадках работнікі будуць вызваляцца ад працы з захаваннем сярэдняга заробку. Перыядычнасць праходжання дыспансерызацыі будзе залежаць ад узросту работніка.
Скарачэнне працоўнага часу для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей
Бацькі, якія выхоўваюць дзяцей, змогуць па ўзгадненні з наймальнікам скараціць працягласць штодзённай працы на адну гадзіну замест вызвалення ад працы на адзін дзень у тыдзень, пры ўмове, што гэта не будзе перашкаджаць нармальнай рабоце арганізацыі.
Дыстанцыйная праца
Працоўны кодэкс дапоўнены нормамі, якія ўрэгулююць магчымасць чаргавання перыядаў выканання работы дыстанцыйна і на працоўным месцы ў арганізацыі, г.зн. так званую камбінаваную працу.
Электронная форма ўзаемадзеяння наймальніка і работніка
Наймальнікі змогуць ажыццяўляць прававыя дзеянні ў адносінах да работнікаў (азнаямленне з дакументамі, накіраванне апавяшчэнняў, атрыманне згоды ад работніка і іншае) не толькі ў пісьмовай форме, але і ў электроннам выглядзе.
Працоўны час
Устанаўліваецца, што для работнікаў, якія працуюць няпоўны працоўны час, працягласць працы ў перадсвяточны дзень будзе скарачацца прапарцыйна працягласці іх працоўнага часу.
Зменяцца нормы адносна перапынку для адпачынку і харчавання. Пры ўстанаўленні працягласці штодзённай работы (змены), якая не перавышае 4 гадзін перапынак для адпачынку і харчавання па жаданні работніка зможа не прадастаўляцца.
Адпачынкі
Работнік зможа падзяляць працоўны водпуск на больш чым дзве часткі не толькі ў тых выпадках, калі гэта прадугледжана калектыўнай дамовай, але і іншымі лакальнымі прававымі актамі наймальніка (г.зн. пры адсутнасці калектыўнай дамовы).
У выпадках незапланаванага прадастаўлення работніку працоўнага водпуску наймальнік атрымае магчымасць выплаціць сярэдні заробак са згоды работніка не пазней за два працоўныя дні з дня пачатку працоўнага водпуску.
Устанаўліваецца не права, а абавязак наймальніка прадастаўляць водпуск без захавання заработнай платы ў сувязі з атрыманнем адукацыі (пры адсутнасці накіравання наймальніка на навучанне):
– работнікам, якія ўпершыню атрымліваюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю;
– работнікам, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю, без прывязкі да крытэрыю «ўпершыню».
Наймальнік таксама будзе абавязаны прадаставіць работнікам водпуск без захавання заработнай платы на час паступлення ва ўстановы адукацыі для атрымання навукова-арыентаванай адукацыі (аспірантуру). Працягласць водпуску будзе складаць да 12 каляндарных дзён.
Работнікі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку дысертацыі, атрымаюць права на аднаразовы водпуск з захаваннем сярэдняга заработку працягласцю не больш як 30 каляндарных дзён.