Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 29 лютага падпісаў Указ № 75 аб устанаўленні юбілейнага медаля “80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Дакументам таксама зацверджана палажэнне аб юбілейным медалі, яго апісанне і ўзор пасведчання да яго.

На правым баку размешчана фігура радавога Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі ў летнім абмундзіраванні з пісталетам-кулямётам Шпагіна ў руках, правей – фігура партызана з ручным кулямётам Дзегцярова. Справа ад фігур – адзін пад адным гады “1944” і “2024”, вышэй – выява салюту. У ніжняй частцы – ордэн Айчыннай вайны залацістага колеру, размешчаны на вянку з дубовага лісця. На адваротным баку медаля – надпіс “80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, вакол якога – лаўровы паўвянок, абвіты стужкай, а на ім – пяціканцовая зорка залацістага колеру.

Юбілейным медалём будуць узнагароджваць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў фашысцкіх лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі і непасрэдна прымалі ўдзел у баявых дзеяннях за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

 Узнагароджваць медалём будуць таксама ваеннаслужачых Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі, работнікаў дзяржаўных органаў і іншых асоб, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян краіны, увекавечванне памяці загінулых, арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Крыніца: БелТА, фота з архiва.

Усе навіны