На заметку: У снежні беларусаў чакаюць вялікія выхадныя. Колькі дадатковых дзён адпачынку будзе ў 2024 г.?
Здавалася, 4-дзённыя лістападаўскія выхадныя будуць апошнімі ў адыходзячым 2023 г., але адчайвацца не варта, бо ў снежні атрымаецца яшчэ раз адпачыць звыш плана на законных падставах.
У снежні нас чакае яшчэ адзін “лішні” выхадны. Паколькі 25 снежня ў нашай краіне адзначаюць каталіцкае Раство Хрыстова, якое з’яўляецца чырвоным днём календара і ў 2023 г. прыпадае на панядзелак, то адпачываць будзем звыш плана. Працаўнікоў чакаюць тры выхадныя падрад – з 23 па 25 снежня. Але і гэта яшчэ не ўсе прыемныя навіны. Забягаючы наперад адзначым, што 2024 г. пачнецца з вялікіх навагодніх «канiкул», можна планаваць актыўны адпачынак адразу на 4 дні.
Мы пагарталі каляндар на 2024 г. і палічылі на колькі дадатковых выхадных у Год Зялёнага Драўлянага Цмока, паводле ўсходняга календара, змогуць разлічваць нашыя суайчыннікі.
Дарэчы, 2024-ты будзе доўжыцца 366, а не 365 дзён. Ён высакосны – дадатковы дзень прыпадае на 29 лютага.
Такім чынам, стартуе 2024-ты з вялікіх 4-дзённых выхадных. Будзем лічыць, што буйна павезла: можна годна праводзіць стары і яскрава сустрэць новы год. Бо ў 2023-м 30 і 31 снежня прыпадаюць на суботу і нядзелю, а 1 і 2 студзеня 2024 г. у календары пазначаны як Новы год і з’яўляюцца афіцыйнымі непрацоўнымі святочнымі днямі.
Праваслаўнае Раство Хрыстова традыцыйна адзначаюць 7 студзеня, праўда у новым годзе яно выпадае на нядзелю, таму дадатковага дня адпачынку не прынясе.
Але ўжо першы месяц вясны падорыць 3 выхадныя запар. Дзень жанчыны, які ў Беларусі з’яўляецца непрацоўным, прыпадае на пятніцу. З гэтага вынікае, што адпачываць будзем з 8 па 10 сакавіка.
Май таксама багаты на дадатковыя выходныя дні. У першы дзень гэтага месяца ў нашай краіне адзначаюць Свята працы. У 2024-м Першамай прыпадае на сераду і падзеліць рабочую пяцідзёнку напалову. Дзень Перамогі будзем святкаваць 9 мая – гэта чацвер і чырвоны дзень календара. Не давядзецца ісці на працу і ў аўторак, 14 мая, – на гэтую дату ў 2024 г. выпадае Радаўніца. Калі ўрад, як гэта традыцыйна бывае, перанясе працоўны дзень з панядзелка, 13 мая, то адпачынак можа атрымаецца і больш працяглым. Пакуль Савет Міністраў яшчэ не зацвердзіў план пераносаў на 2024 год.
Чарговая чырвоная дата календара прыпадае на 3 ліпеня. У гэты дзень мы адзначаем Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ці Дзень Рэспублікі. Дадатковы выхадны ў сярэдзіне лета прыпадзе на сераду.
А вось адна з важных святочных дат восені – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, які мы свята шануем ужо больш за сотню гадоў і штогод адзначаем 7 лістапада, у 2024-м выпадае на чацвер. Магчыма, працоўны дзень з 8 лістапада ўрад перанясе на іншую дату і тады выхадных можа быць больш. Але гэта толькі нашая здагадка, чакаем афіцыйнага рашэння.
Яшчэ адзін “лішні” выхадны сапраўды будзе ў снежні. Завяршальная святочная дата 2024 г. – каталіцкае Раство Хрыстова – выпадае на сераду.
Як мы ўжо адзначалі вышэй, такая карціна з дадатковымі выхаднымі на 2024 год цалкам магчыма, зыходзячы з 10 устаноўленых Кіраўніком дзяржавы непрацоўных святочных дзён. Напэўна, многія хацелі б больш доўгіх выхадных сярод працоўных будняў. Чакаем афіцыйна зацверджанага графіка пераносу працоўных дзён ад Саўміна.