Акцыя «Гадзіна Зямлі» пройдзе 30 сакавіка 2024 года з 20.30 да 21.30
Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае ўсіх неабыякавых прыняць удзел у акцыі «Гадзіна зямлі» і адключыць святло 30 сакавіка на 1 гадзіну з 20.30 да 21.30.
Гадзіна Зямлі — гэта акцыя, падчас якой людзей заклікаюць выключыць святло і бытавыя электрапрыборы на адну гадзіну ў знак неабыякавасці да будучыні планеты. У гэты ж час згасае падсветка самых вядомых будынкаў і помнікаў свету. Беларусь далучылася да акцыі ў 2009 годзе. Мэта Гадзіны Зямлі не ў тым, каб зэканоміць электрычнасць. Дадзеная акцыя – гэта сімвал беражлівых адносін да прыроды. З году ў год гэтае мерапрыемства дазваляе прыцягнуць увагу да неабходнасці адказных адносін да прыроды.
Толькі ў Мінску традыцыйна адключаецца падсветка такіх знакавых аб’ектаў, як стадыён «Дынама», Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, бізнес-цэнтр «Футурыс», архітэктурны комплекс «Вароты Мінска», Беларускі дзяржаўны цырк і інш.
Выключыць святло на гадзіну – вельмі проста, але нават за такім сімвалічным дзеяннем стаіць магчымасць дапамагчы планеце, змяніўшы свае штодзённыя звычкі.
Напрыклад, эканомна расходаваць электраэнергію і цеплыню, беражліва ставіцца да вады і зрабіць выбар у карысць другаснай перапрацоўкі паперы і іншых матэрыялаў, тым самым скарачаючы выкіды парніковых газаў.