ЯК РАБОТНІКІ ПРАДПРЫЕМСТВА АДЗНАЧАЛІ МАСЛЕНІЦУ

Весела і дружна работнікі дзяржаўнага прадпрыемства “БелЭЗ” праводзілі зіму і сустрэлі Масленіцу ў Доме адпачынку “Лагойскі”.

Спачатку для работнікаў была праведзена пазнавальная экскурсія па адным з самых старажытных гарадоў краіны – Лагойску, радавым гняздзе знакамітага графскага роду Тышкевічаў, прадстаўнікі якога – браты Эфстафій і Канстанцін былі вядомымі даследчыкамі матэрыяльнай і духоўнай культуры роднага краю, гісторыкамі, этнографамі, фалькларыстамі, заснавальнікам беларускай археалогіі.

Край славіцца крыніцамі, вада ў якіх валодае гаючымі ўласцівасцямі і незвычайным густам, а таксама старажытным паркам, дзе можна ўбачыць фрагменты палацавай рэзідэнцыі Тышкевічаў, а таксама прыгожымі храмамі – касцёлам Святога Казіміра і праваслаўнай царквой Мікалая Цудатворца.

З-пад алтара Мікалаеўскага храма выцякае святая крыніца ў імя свяціцеля Мікалая. Да гэтай святой крыніцы, багатай мінеральнымі рэчывамі, прыязджае мноства людзей для таго, каб выкупацца ў яе гаючых водах, бо гісторыі пра цудоўныя ацаленні на гэтай крыніцы перадаюцца з вуснаў у вусны.

Пасля заканчэння экскурсіі работнікі праводзілі зіму і сустрэлі Масленіцу. Традыцыйна галоўнымі атрыбутамі свята сталі песні, гульні, конкурсы і, вядома ж, смачныя бліны i духмяны чай.

Яркім кульмінацыйным момантам мерапрыемства было спальванне пудзіла, як сімвала выгнання зімы і сустрэчы вясны.

Гэты дзень падарыў усім работнікам прадпрыемства шмат яркіх эмоцый і вялізны зарад пазітыўнага настрою.

Усе навіны